На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Марафон збірае сяброў

9 апреля 2013

ХХХІ Міжнародны  Асіповіцкі марафон, па словах спартсменаў і суддзяў, прайшоў 6 красавіка  у  самых спрыяльных умовах  надвор’я: адсутнасць ветру і аптымальная —для напружанай  фізічнай работы — тэмпература  паветра  сталі прыемным “бонусам”  і  для ўдзельнікаў масавага забегу на 2 кіламетры, і для вопытных спартсменаў, якія выйшлі на больш  доўгія адлегласці. Усяго ў лёгкаатлетычным фэсце прыняў удзел 671 бягун, у ліку якіх 69 марафонцаў і 96 — пераадолеўшых дыстанцыю ў 10 кіламетраў.
Як заўсёды, тон у самай складанай лёгкаатлетычнай дысцыпліне задавалі ветэраны — бегуны ва ўзросце 70 і болей гадоў. Зразумела, яны не прэтэндавалі на чэмпіёнскія вынікі, але сваім прыкладам дэманстравалі, што даюць чалавеку рэгулярныя прабежкі. Некаторыя з іх беглі дыстанцыю ў 3 кіламетры, іншыя ўдзельнічалі ў марафоне.
Адзін са старэйшых марафонцаў — 76-гадовы Віктар Кучынскі, для якога Асіповіцкі марафон стаў 123-м, ёмка сказаў, што бег для пенсіянераў — адзіная альтэрнатыва кійку, без якога не абыходзіцца большасць  людзей  сталага ўзросту. Бег надае бадзёрасці целу і стымулюе работу мозга. Дарэчы, ветэран усё яшчэ працуе інжынерам у адным з навукова даследчых інстытутаў Магілёва.
На жаль, сярод дарослых бегуноў у марафоне ўдзельнічала ўсяго толькі 2 землякі, і адзін — у забегу на 10 кіламетраў. Такая “масавасць” красамоўна сведчыць аб амаль поўнай адсутнасці інтарэсу да бегу — самага таннага і агульнадаступнага “эліксіру здароўя” — сярод асіпаўчан.
Што зрабіць, каб прыцягнуць увагу жыхароў горада і раёна да рэгулярных заняткаў карыснай для здароўя лёгкаатлетычнай дысцыплінай? Слова спецыялістам.
Суддзя вышэйшай нацыянальнай  катэгорыі Аляксандр Гоцкі, былы марафонец, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Манрэалі:
— Сучаснаму чалавеку вельмі не хапае фізічнай актыўнасці, а бег як раз дазваляе падтрымліваць сябе ў форме з мінімальнымі выдаткамі часу і грошай. Прыклад таго, як можна зрабіць бег сапраўды народным спортам, дае Польшча. Там у год праводзіцца каля 500 марафонаў, прычым у іх абавязкова ўдзельнічаюць публічныя асобы — знакамітыя палітыкі і ўплывовыя чыноўнікі.
Віктар Шыльцаў, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама:
— Папулярызацыя бегу — адна з надзённых задач развіцця фізкультурнага руху ў нашым раёне. Яна яшчэ вельмі далёкая ад поўнага вырашэння, аднак база для гэтага ўжо створана. Маю на ўвазе выдатную ініцыятыву Асіповіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа № 8, які праводзіць традыцыйны забег у гонар выдатнага земляка і стваральніка Міжнароднага Асіповіцкага марафону — Джана Курчэўскага. З гэтага года ўзгаданы забег будзе праходзіць пад эгідай нашага аддзела як адкрытае мерапрыемства раённага маштабу. І, безумоўна, трэба пашыраць фармат Міжнароднага Асіповіцкага марафону...
ПАСТФАКТУМ. Няхай нашых стаераў было няшмат, але выступілі яны дастойна, заняўшы ў сваіх узроставых групах прызавыя месцы. Марафонцы Барыс Ліпскі на дыстанцыі 3 кіламетры стаў другім, а Таццяна  Гурская — першай у марафоне. Як і Мікіта Цэдрык, што бег “дзясятку”.