На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

"На душы горкі камень"

15 октября 2013

11 кастрычніка ў раёне прайшлі мерапрыемствы ў рамках міжнароднага праекта “Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941-1944 гадах нямецка-фашысцкімі захопнікамі”, які ажыццяўляецца Беларускім фондам міру і Нацыянальным архівам краіны.

Вёска Брыцалавічы, у якой у 1943 годзе было знішчана каля 700 мірных жыхароў, адна з амаль 10 тысяч падобных. Сучаснікі ўстанавілі там мемарыяльныя пліты, дзе на кожнай ўпісаны імёны ах- вяр. Да гэтага святога месца пастаянна прыходзяць нашчадкі тых, хто ўжо ніколі не падымецца з зямлі, каб парадавацца мірнаму жыццю. Менавіта тут сабраліся і на гэты раз удзельнікі мітынгу- рэквіему, прысвечанага памяці спаленых мірных жыхароў на тэрыторыі раёна.

У ганаровай варце застылі піянеры Ліпенскай СШ і ваеннаслужачыя. Сярод прысутных — жыхары Брыцалавіч і блізляжачых вёсак, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Асіповіччыны, кіраўніцтва раёна і яго госці.

Мітынг адкрыў старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік, затым слова бралі старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, кіраўнік райсавета ветэранаў Міхаіл Слесарэнка. Кожны з іх выказаў даніну павагі загінулым у гады вайны, акцэнтаваўшы увагу на тое, што ні адна магіла, ні адзін помнік не павінен быць забыты, ні адзін сведка вайны — застацца па-за ўвагай. Настаяцель Свята-Уведзенскага храма Васілій Белавус прачытаў малітву аб бязвінна забітых. Не пакінулі нікога абыякавымі словы каардынатара міжнароднага праекта Наталлі Кірылавай: “У Беларусі пражывае прыкладна 9,5 тысяч выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак. Ім больш, чым каму, прыйшлося перажыць гора і розных нястач. І зараз гэтым людзям патрэбен наш клопат і ўвага. Трэба дайсці да кожнага з іх, запісаць успаміны, каб нашчадкі праз гады маглі дакрануцца да іх”.

Да падножжа мемарыялу ўскладаюцца вянкі і жывыя кветкі. Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць ахвяр фашызму. Гучыць ружэйны залп.

— Няхай ніколі цёмная хмара вайны не навісне над нашай краінай! — такімі словамі Аляксандр Пузік закрыў мітынг.

Праз некаторы час у раённым Цэнтры культуры распачаўся вечар-рэквіем “Сустрэча пакаленняў”. Перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, старшыні праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў і “Беларускага гра- мадства Чырвонага Крыжа” Аляксандр Пасюкевіч, Анатолій Любчанка і Андрэй Нікіцін, галоўны архівіст краіны Вячаслаў Селеменеў. Яны яшчэ раз падкрэслілі, што міжнародны праект “Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941-1944 годах нямецка-фашысцкімі захопнікамі” стаў на падтрымку простых мірных жыхароў, якія перанеслі усе жахі вайны. І каб яна больш не паўтарылася, сусветнай грамадскасцю, як і беларусамі, робіцца многае.

Вострым болем адгукнуліся сэрцы некалькіх соцень людзей у зале на горкі ўспамін сведкі трагедыі ў Вялікай Гарожы Марыі Цімінскай, якая прысвяціла жудаснай падзеі многа вершаў, паэму “Уся радня пад крыжам”. Дрыжачым голасам, выціраючы слёзы, чытала яна радок за радком: “На душы горкі камень, Цяжар гэты не стрэсці. І ў сэрцы, і ў памяці — Год сорак трэці”. Не менш пранікнёна і шчымліва прагучаў і верш Лёлі Багдановіч у выкананні паэткі. У іх сям’і таксама былі ахвяры генацыду: трох стрыечных сястрычак расстралялі фашысты на вачах у матулі...

Хіба можна забыць пра такое? — гэтае нямое пытанне павісла ў зале. Адказ жа чытаўся і ў вачах кожнага, хто прыйшоў на сустрэчу, і ў словах першага сакратара райарганізацыі БРСМ Ганны Калодкі: “Маладое пакаленне зробіць усё неабходнае, каб ніколі не паўтарылася вайна”. 

ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКАЙ сабраны вялікі і разнастайны матэрыял аб лёсе спале- ных вёсак і яе жыхароў. А нядаўна яе супрацоўнікі выдалі дакументальны нарыс “Боль і памяць спаленых вёсак Асіповіцкага раёна”. У ім можна знайсці дакладную дату знішчэння таго або іншага населенага пункта, колькасць забітых людзей і спаленых двароў. Прыводзіцца многа архіўных дакументаў, даведак дзяржаўных органаў. Змешчаны фотаздымкі помнікаў, устаноўленых на месцах знішчаных вёсак, а таксама тэкставыя запісы ўспамінаў жыхароў спаленых вёсак, якім пашчасціла выратавацца.