На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

На сямейнай хвалі

30 апреля 2012

Што робіць наша жыццё яркім і цікавым, а сем’і — больш дружнымі і шчаслівымі? Безумоўна, гэта час, праведзены разам са сваімі роднымі. Менавіта такім абставінам і садзейнічаў раённы агляд-конкурс “Лепшая мнагадзетная сям’я”, які нядаўна прайшоў у рамках абласной акцыі “Сям’я года-2012”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі райвыканкам, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і МПЦ “Равеснік”, які і правёў сустрэчу канкурсантаў на сваёй “тэрыторыі”, забяспечыўшы музычнае суправаджэнне, канцэртныя нумары і г.д.
Усім сем’ям-удзельніцам патрабавалася сур’ёзная падрыхтоўка да конкурсу. Трэба было цікава і арыгінальна прадставіць сябе і сваіх родных на “Візітнай картцы”, каб кожнаму прысутнаму ў зале стала зразумела, што перад імі — самая лепшая сям’я. Не адна га-дзіна была аддадзена стварэнню сямейнага дрэва. Адметна, што кожны знайшоў сваё крэатыўнае рашэнне: Рудзінскія з Карытнага прадставілі свой радавод у выглядзе яркай паляны, дзе ў цэнтры кветачак — імёны родзічаў; асіпаўчане Каешкі — усе астатнія сем’і таксама з райцэнтра — сваё генеалагічнае дрэва вышылі крыжыкам, а Гаўрыліны — намалявалі.
Не меншую цікавасць выклікала і кулінарнае першынство “Сямейны пірог”. Хоць канкурсанты паміж сабою і не дамаўляліся, але прапановы, як на заказ, аказаліся самыя розныя: і салата, і экзатычныя закускі, і курыца, начыненая блінамі. Прыцягнула ўвагу аматараў салодкасцей аздабленне торта ад сям’і Еўдакімовіч: усіх цікавіла, якая “на зуб” зробленая на пачастунку хатка? А самым “смачным” па форме падачы аказалася выступленне сям’і Каешка — дзеці і дарослыя ў касцюмах повараў свой далікатэс прадстаўлялі ў вершах.
Самым відовішчным аказаўся конкурс “Хто на што здольны”: вось дзе са-праўдны россып талентаў! Лубінскія разам спявалі песню, Гаўрыліны — адмыслова танцавалі, Рудзінскія сыпалі прыпеўкамі, Каешкі паказалі філасофскую казку пра залатую рыбку, сэнс якой — “маё багацце — сям’я, трэба ахвяраваць жаданне тым, у каго яе няма”, Цяслёнкі здзіўлялі гледачоў… фокусамі, а Еўдакімовічы — інсцэніраванай казкай на новы лад. Словам, ва ўсіх атрымалася здорава. Уяўляю, якімі незабыўна-вясёлымі былі дамашнія рэпетыцыі, без якіх яўна не абышлося...
Нялёгкае выпрабаванне выпала журы: вызначыць пераможцаў аказалася справай складанай, бо ўсе ўдзельнікі былі і харызматычнымі, і крэатыўнымі. У выніку пратакол размеркаваў “званні” і месцы наступным чынам: тытул “Самая арыгінальная сям’я” дастаўся Цяслёнкам, “Самая вясёлая сям’я” — Гаўрыліным, а самымі дружнымі былі прызнаны Рудзінскія. Дыплом ІІІ ступені атрымалі Лубінскія, другое месца занялі Еўдакімовічы. А прадстаўляць наш раён напярэдадні Дня сям’і на абласным конкурсе будуць Каешкі: тата Дзмітрый, мама Таццяна і дачушкі Яна, Аліна і Злата.
Усе ўдзельнікі атрымалі салідныя грашовыя прэміі і прыгожыя букеты. На жаль, фармат рэпартажу не дазваляе пра кожнага расказаць падрабязна, аднак думаецца, што чытачы “раёнкі” яшчэ сустрэнуць гэтых цікавых людзей на старонках газеты.
“Цэласнасці, адзінства і непадзельнасці”, — такім было пажаданне і заключны штрых конкурсу аднаго з членаў журы айца Аляксандра, настаяцеля Крыжа-Узвіжанскай царквы. А падораныя ім зборнікі малітваў аб сямейным дабрабыце і іконкі з выявамі заступнікаў сямейнага ачага святых князя Пятра і княгіні Фяўронні стануць добрымі та-лісманамі на сямейную ўдачу.
Валянціна КОРБАЛЬ.