На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Раённае  свята   "Шчадроўкі"  адбылося ў аграгарадку Вяззе

15 января 2016
"Добры вечар, шчодры вечар! Добрым людзям на здароўе!" — такімі словамі, як правіла, пачынаюць гурты калядоўшчыкаў віншаванні пад вокнамі і ў хатах напярэдадні старога Новага года. Колькі цеплыні, павагі, любові закладзена ў гэтых простых беларускіх словах-пажаданнях!
I гаспадары з асаблівым пачуццём вітаюць важных гасцей: прыход у дом валачобнікаў нашы продкі лічылі добрай прыкметай, сімвалам шчодрага ўраджаю і сямейнага дабрабыту. У падзяку за аказаны давер людзі стараліся як мага лепш адарыць вясёлых, каларытных, пераапранутых у карнавальныя строі калядоўшчыкаў.
Ужо каторы год гэтую цудоўную традыцыю  падтрымліваюць на Асіповіччыне, ладзячы  раённае  свята "Шчадроўкі".  Сёлета яно завітала ў аграгарадок Вяззе, куды з’ехаліся  народныя  калектывы — "Дзівакі" з раённага Цэнтра культуры, "Сваякі" з Карытнага і "Вяселле" з Каўгароў.  Самадзейныя артысты апошняга асабліва  парадавалі вяззеўцаў — менавіта ім выпаў шанц прайсціся  з  песнямі  пад гармонік  і  бубен, танцамі і жартамі па вясковых вуліцах і завітаць у хаты сялян з Казой і Механошам.


 
























А  каля  мясцовай установы культуры развярнуліся сапраўдныя народныя гулянні: радавала вока выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, можна  было паспытаць гарачую юшку, купіць сёе-тое ў гандлёвым  павільёне,
паслухаць  добрую песню ў выкананні самадзейных  артыстаў, прыняць  удзел у  народных  гульнях  і  патанчыць. Самыя ж актыўныя атрымалі і заахвочвальныя прызы.




























Затым мясцовы народны  калектыў  "Вязанка"  гасцінна  запрасіў усіх у залу, дзе распачаўся  абрад шчадравання.  Гаспадар і Гаспадыня ўвішна гатавалі калядны стол і, запаліўшы свечку, чакалі  раджаных,  якія неўзабаве з’явіліся на парозе і прынеслі з сабой многа вясёлых жартаў і прыемных нечаканасцей, песень  і танцаў. Быў у іх ліку і дзіцячы  калектыў  — хлопчыкі і дзяўчынкі з аграгарадка не адстаюць ад старэйшых сяброў і таксама далучаюцца  да адраджэння звычаяў бабуль і дзядуль.
Па народнай традыцыі, не абышлося ў гэты вечар і без гадання: варажылі як дзеці, так і дарослыя. I, канечне,  парадавалі  сваім выканальніцкім майстэрствам "Дзівакі".
Дзейства, што адбывалася на сцэне, узрушыла пачуцці гледачоў, якія віталі самадзейных артыстаў апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі. I дзякавалі за цудоўную магчымасць дакрануцца да вытокаў даўніны.  Са  станоўчымі  эмоцыямі  і  добрым настроем вярталіся яны дадому, дзе іх чакала шчодрая вячэра і абавязкова куцця.

"Асіповіцкі край"