На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Неўміручая памяць

30 июня 2012

Для кожнага цывілізаванага чалавека 22 чэрвеня перш за ўсё дзень памяці і смутку па ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама гонару за старэйшае пакаленне, якое выстаяла, перамагло. Жыццё няўмольна, і іх, да вялікага жалю, застаецца побач з намі ўсё менш. Але і мы, і дзеці з унукамі заўсёды будзем памятаць тое, што нашы дзядулі, бабулі і бацькі зрабілі для Айчыны, для кожнага з нас. І будзем вечна ўдзячны ім за гэта.
...Абеліск савецкім воінам, партызанам і мірным жыхарам ля вёскі Цяплухі, ціхая журботная музыка ваенных часін. Штогод у гэты дзень тут шмат людзей: асіпаўчане аддаюць даніну памяці ўсім, хто адстаяў нашу свабоду і незалежнасць.
11 гадзін, гучыць голас гісторыі: Левітан абвяшчае аб вераломным нападзе на СССР гітлераўцаў. Пачынаецца мітынг-рэквіем. Яго адкрывае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Пузік, потым слова бяруць старшыня райвыканкама Пётр Яфімавіч Шукаловіч, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Алена Пятроўна Бусель, навучэнка мясцовага каледжа член райарганізацыі БРСМ Вераніка Анісімава, настаяцель Свята-Уведзенскага храма благачынны Асіповіцкай акругі протаіерэй Васіль Белавус.
Яшчэ і яшчэ раз узгадваюцца жудасныя часіны ваеннага ліхалецця, шматлікія ахвяры ні ў чым не вінаватых людзей, подзвіг савецкага народа, землякоў.
Да помніка кладуцца жывыя кветкі і вянкі.
Хвіліна маўчання. У ёй, як і ў любой іншай мінуце, — 60 секунд. Прыкладна столькі і доўжыцца ўрачысты рытуал, калі жывыя памінаюць памёршых ці загінуўшых на палях бітваў з ворагам, тых, хто не вярнуўся з лагераў смерці, быў замардаваны, спалены фашыстамі. На долю Савецкага Саюза прыйшлася амаль палова ўсіх людскіх страт у Другой сусветнай вайне. Па апошніх даных, тады загінула 27 мільёнаў чалавек — практычна тры сённяшнія Беларусі. Удумайцеся ў гэтыя жудасныя лічбы, схіліце галовы ў смутку, хвіліна маўчання бясконцая…
Дзякуй вам, дарагія ветэраны, што цяперашняе пакаленне ведае пра вайну толькі з урокаў гісторыі, фільмаў ды кніжак, што сёння над нашай галавой мірнае неба, што ўсе мы заняты толькі стваральнай працай. Моцнага здароўя ўсім, каму давялося перажыць тыя страшныя часіны, дабра і душэўнага спакою, міру і дабрабыту. Мы і надалей будзем працягваць рабіць усё магчымае, каб над роднай зямлёй ніколі не чуліся смяротныя стрэлы, каб не гінулі ў ваенным кругавароце людзі. І няхай назаўсёды папулярныя некалі і не надта ўжываемыя зараз словы “нішто не забыта, ніхто не забыты” застануцца для кожнага тым попелам, які дзень і ноч стукае ў сэрцы. Гэта — напамінак пра мінулае. І адвечны запавет сённяшняму дню і будучыні планеты: не дапусціць перамогі зла над дабром.