На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Саветы і грамадскасць на службе народу

30 сентября 2014
Днямі ў райвыканкаме прайшоў семінар дэпутатаў і членаў мясцовага самакіравання з удзелам кіраўнікоў арганізацый і загадчыкаў аддзелаў райвыканкама, якія займаюцца пытаннямі абслугоўвання насельніцтва. Семінар праводзіў старшыня райсавета Аляксандр Пузік. Удзел у ім прыняў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Калтуноў, кіраўнік спраў райвыканкама Алег Кулакоўскі.

Увазе ўдзельнікаў быў паказаны відэафільм аб Асіповіччыне. Затым заслухалі выступленне старшыні раённага Савета дэпутатаў. Аляксандр Віктаравіч расказаў аб рабоце органаў мясцовага самакіравання.

Было адзначана, што склалася практыка ўдзелу членаў камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, стараст вёсак у сесіях сельскіх Саветаў дэпутатаў, пасяджэннях выканкамаў, якая будзе працягвацца і надалей. Такое ўзаемадзеянне дазваляе  аператыўна ўплываць на сітуацыю ў
кожным населеным пункце. А пытанняў шмат. Гэта і работа з адзінокімі і адзінока пражываючымі грамадзянамі, неблаганадзейнымі сем’ямі, асобамі, што злоўжываюць спіртнымі напоямі, пажарная бяспека. Пытанні сацыяльна-бытавога характару — таксама на ўвазе Саветаў. А маючы аператыўную інфармацыю, можна весці папераджальную работу. 

Многа робіцца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. За 8 месяцаў гэтага года на тэрыторыі рабочых пасёлкаў і вёсак ліквідавана 429 несанкцыянаваных звалак бытавога смецця, агульным аб’ёмам каля 1,8 тысячы кубічных метраў, адрамантавана 6,8 і пабудавана 2,3 кіламетра штыкетніку, выпілена 550 аварыйных дрэў. На выкананне работ па добраўпарадкаванні асвоена больш за 1900 мільёнаў рублёў. З мэтай зніжэння расходаў усе матэрыялы набываюцца непасрэдна ў прадпрыемстваў-вырабнікоў. 

Прыкладам можа служыць вопыт работы Лапіцкага сельсавета. Сумесна з жыхарамі стварылі пляцоўку адпачынку з абсталяваннем месца для лоўлі рыбы. Зроблены спуск да ракі для людзей з абмежаванымі здольнасцямі, вызначана месца для купання, устаноўлена кантэйнерная пляцоўка, праведзена азеляненне. 

Ялізаўскі сельвыканкам разам са школай удзельнічае ў добраўпарадкаванні, высадцы дрэў, ачыстцы лесу і берагу ракі. Іх сіламі абсталявана дзіцячая пляцоўка. 

Графік асвятлення населеных пунктаў вызначаецца рашэннем сельвыканкама. Спажыванне электраэнергіі за мінулы год паменшылася на тэрыторыі Дараганаўскага, Ліпенскага, Ясенскага і Свіслацкага сельсаветаў. 

У раёне адпрацавана схема абыходжання з камунальнымі адыходамі, заключаюцца дагаворы на іх вываз. Так, у рабочым пасёлку Ялізава 97,4 працэнта жыхароў заключыла адпаведную дамоўленасць, у Татарцы — 95,6, Ясенскім сельсавеце — 88,9. 

За студзень-жнівень у раёне знесена 45 кінутых дамоў. 73,5 гектара зямлі пераразмеркавана  і  перададзена іншым карыстальнікам. Найбольшую колькасць незапатрабаванай зямлі  перадалі  ў  Карытненскім, Вяззеўскім, Дараганаўскім сельсаветах. 

На адным з апошніх пасяджэнняў райсавета дэпутатаў быў зацверджаны план мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Дзейнасць Дараганаўскага сельсавета ў гэтым напрамку — паказальная. У прыватнасці, нядаўна адзін з нашчадкаў дваранскага роду Дараганаў падарыў музею каля 300 экспанатаў. На тэрыторыі Лапіцкага сельсавета стала традыцыяй правядзенне выставаў народных умельцаў-землякоў. Напрыклад, нядаўна выстаўляліся работы Таццяны Гізбрэхт.

Усё больш папулярным на Асіповіччыне становіцца аграэкатурызм. У раёне зарэгістравана 20 аграэкасядзіб. Найбольшая іх колькасць на тэрыторыі Свіслацкага  (7),  Вяззеўскага (4) сельсаветаў. Аграэкасядзіба "Свіслач" (Марыя Пішчык) стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу ААТ "Белаграпрамбанк" у намінацыі "Гасціннасць", "На Пцічы" (Аляксандр Зэйдаль) неаднаразова называлася ў ліку лепшых на рэспубліканскім і абласным узроўнях.

У мінулым годзе галоўная ўвага Саветаў была засяроджана на патрэбах канкрэтнага чалавека, у сувязі з чым узрасла роля тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, стараст вёсак. Члены вулічкамаў  і  сельскіх  камітэ-
таў, старасты населеных пунктаў штоквартальна заахвочваюцца. Так, за мінулы год адзначана 216 чалавек на агульную суму 23,2 мільёна рублёў. Сярод лепшых — старшыня Першамайскага вулічкама рабочага пасёлка Ялізава Галіна Кузьміна, старасты Каменіч Валерый Невяроўскі, Радуціч — Соф’я Рэутава, Крамка — Міхаіл Кутынка. 

У рамках правядзення адзіных дзён інфармавання інфармацыйна-прапагандысцкай групай на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў арганізавана 18 сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства і 13 — у арганізацыях раёна. У кастрычніку-лістападзе плануецца правядзенне  шэрагу  сустрэч  з выбаршчыкамі райцэнтра па месцы жыхарства. 

На семінары таксама разглядалася пытанне захавання пажарнай бяспекі. Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях  Iгар  Логвін  паведаміў,  што  за  8  месяцаў бягучага года на Асіповіччыне адбылося 34 пажары, на якіх загінула 5 чалавек, падрабязна прааналізаваў усе выпадкі. Часцей за ўсё бедства ўчыняюць  людзі  ў  стане  алкагольнага ап’янення, таму больш увагі трэба надзяляць тым, хто злоўжывае спіртнымі напоямі. І тут нельга пераацаніць ролюграмадскасці. Асабліва гэта датычыцца вясковага насельніцтва, дзе кожны чалавек на вачах. Iгар Міхайлавіч засяродзіў увагу кіраўнікоў на правядзенні прафілактычнай работы з калектывамі з  мэтай выхавання культуры супрацьпажарных паводзін не толькі на рабочым месцы, але і дома. 

Перад удзельнікамі семінара выступіў дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Калтуноў, які праінфармаваў  слухачоў  па  актуальных пытаннях сучаснасці на мясцовым узроўні і ў рамках краіны. 

Прысутныя атрымалі адказы на пытанні, якія ў іх узніклі. А круг праблем, якія хвалююць нераўнадушных жыхароў нашага рэгіёна, даволі шырокі: ад асфальтавання дарог і асвятлення вуліц да прыёму другаснай сыравіны і ўтылізацыі адыходаў прамысловасці. 

Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік, падобныя семінары плануецца праводзіць двойчы на год,  гэта  будзе  садзейнічаць далейшаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна і павышэнню ўзроўню жыцця насельніцтва.