На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Выязны абласны семінар прайшоў у Асіповічах

25 мая 2018

 Як разгледзець у супрацоўніку задаткі кіраўніка, якім чынам забяспечваць прафесійны рост кадраў, заахвочванне чалавека ў паспяховасці працы? Гэтыя і іншыя аспекты кадравай работы абмяркоўваліся на выязным абласным семінары начальнікаў аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы гаррайвыканкамаў, які прайшоў у нас у аўторак з удзелам памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова і начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Ігара Аўсеенкі.

Аб рэалізацыі на Асіповіччыне Указа Кіраўніка дзяржавы ад 26.07.2004 г. № 354 “Аб рабоце з кіруючымі кадрамі ў сістэме дзяржаўных органаў і іншых дзяржарганізацый” расказаў старшыня райвыканкама Павел Налівайка. Раён наш, безумоўна, мае сваю спецыфіку. Аснову яго эканомікі складае прамысловасць: удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме выручкі перавышае 75%. Розныя фактары, у тым ліку зручнае транспартнае злучэнне са сталіцай, уплываюць на колькасць занятага на мясцовых прадпрыемствах насельніцтва: многія землякі працаўладкаваныя ў Мінску. І ўвогуле колькасць жыхароў раёна за апошнія 5 гадоў скарацілася больш як на 3 тысячы чалавек, што адчувальна і выклікае вялікую заклапочанасць.

Арганізацыі прамысловасці ў агульным забяспечаны кіруючымі кадрамі і кваліфікаванымі спецыялістамі. Сваю станоўчую ролю ў падрыхтоўцы рабочых спецыяльнасцей адыгрывае і мясцовы прафесійна-тэхнічны каледж. А вось паказчык па сельгасарганізацыях — усяго 81%. Ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, у сельгасгаліне працуе нямала пенсіянераў — да 17%. Штогод на работу ў раён прыбывае больш за дзве сотні маладых спецыялістаў. Метады для іх замацавання выкарыстоўваюцца розныя. Напрыклад, пачынаючым медыкам аказваецца матэрыяльная дапамога, прадастаўляецца інтэрнат або арэнднае жыллё і пакрываецца частка расходаў на яго аплату, устанаўліваюцца надбаўкі. Калектыўнымі дагаворамі сельгаспрадпрыемстваў прадугледжаны розныя віды гарантый і кампенсацый, выдзяляецца жыллё — гэта можа быць нават асобны добраўпарадкаваны дом, штомесяц выплачваецца даплата да зарплаты. Зараз па мэтавых дагаворах у вучэбных установах сельгаспрофілю вучыцца 41 чалавек. Але, нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, вакансій у галіне нямала.

Намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна падрабязна спынілася на арганізацыі работы з кіруючымі кадрамі і іх рэзервам — 110 чалавек на 47 пасад. Сфарміраваны і штогод актуалізуецца банк дадзеных аб спецыялістах з вышэйшай адукацыяй да 45 гадоў, якія працуюць у арганізацыях раёна, і ён дэталёва вывучаецца. Пярвічны адбор кандыдатур у рэзерв праводзіцца і праз аб’яўленне адкрытага конкурсу, інфармацыя аб чым размяшчаецца на афіцыйным інтэрнэт-сайце райвыканкама, публікуецца ў раённай газеце, рассылаецца кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў. На пасяджэнні конкурснай камісіі разглядаюцца матэрыялы на кандыдатаў з іх непасрэдным удзелам.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Шаўчэнка паведаміла, што ў сістэме адукацыі працуе 850 педагогаў, забяспечанасць педкадрамі — 97,6%. Аддзел цесна супрацоўнічае з педагагічнымі ВНУ: туды накіроўваюцца хадайніцтвы аб размеркаванні ўраджэнцаў раёна менавіта ў асіповіцкія школы і дзіцячыя сады. Добра, што з цягам часу цікавасць да педагагічнай прафесіі сярод нашай моладзі расце: калі, напрыклад, у 2012 годзе на педспецыяльнасці паступіла 22 выпускнікі, то летась ужо 36.

Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алена Надзеявец на канкрэтных прыкладах паказала, як актыўныя яшчэ са школьных гадоў юнакі і дзяўчаты рэалізоўваюцца ў прафесійнай дзейнасці. Якраз такія мэтанакіраваныя і ініцыятыўныя маладыя людзі і складаюць перспектыўны кадравы рэзерв. Сёлета, дарэчы, 8 чалавек з яго складу ўключаны ў рэзерв кіруючых кадраў.

Цікава было паслухаць, як ажыццяўляецца кадравая работа на буйной вытворчасці. Тэму раскрыў дырэктар ЗТАА “Дахавы завод Тэхна-НІКОЛЬ” Раман Бардаш. Акцэнт наступны: кожны працаўнік павінен бачыць перспектывы свайго прадпрыемства і адчуваць сябе яго арганічнай часткай. Добры супрацоўнік атрымліваецца пры спалучэнні “ведаю, умею, магу і жадаю”, дзе апошняе якраз і з’яўляецца вызначальным. Сваю ролю ў зацікаўленасці работаць на заводзе мае і прывабны сацыяльны пакет.

Намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Зуеў, дырэктар філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” Леанід Гардзецкі і яго намеснік Вольга Каўко яшчэ раз пад-крэслілі, што важны фактар развіцця любой гаспадаркі — менавіта кадры. Філіялам праводзіцца значная прафарыентацыйная работа з выпускнікамі школ. Калектыўным дагаворам прадугледжана падрыхтоўка спецыялістаў востра запатрабаваных прафесій са штомесячнай даплатай да стыпендыі і ў памеры 3 базавых велічынь тым, хто навучаецца ў ССНУ і 5 — у ВНУ. Калі па выніках сесіі сярэдні бал 7 і вышэй, выплачваецца яшчэ 3 БВ за семестр. З мэтай матывацыі замацавання на сяле маладым спецыялістам пры заключэнні кантракта прадугледжана павышэнне на 50% пасадавага аклада і такая ж надбаўка за складанасць і напружанасць працы. Адметна, што большасць “белшынаўскай” моладзі вырасла і працуе на роднай зямлі. Гэта якраз і дае асноўнае спадзяванне на замацаванне юнакоў і дзяўчат. Маладыя спецыялісты абавязкова забяспечваюцца жыллём. У “Белшыне-агра” пастаянна вядзецца работа па павышэнні кваліфікацыі работнікаў. Так, напрыклад, летась больш высокі разрад атрымалі 14 спецыялістаў, 8 трактарыстаў, 6 вадзіцеляў, 25 аператараў машыннага даення, 36 жывёлаводаў. Усё гэта матывуе людзей на плённую працу.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць азнаёміцца з інтэрактыўнай прэзентацыяй вопыту работы з кіруючымі кадрамі і іх рэзервам, выставай тэматычнай літаратуры; цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткай таксама былі падрыхтаваны буклеты з рознапланавымі парадамі па ўзаемадзеянні з калектывам і асабістым развіцці.

Вынікі сустрэчы падвёў Генадзь Лаўранкоў. Ён найперш адзначыў, наколькі важна ўмець глыбока бачыць чалавека. Кадравым жа службам вобласці трэба дзейнічаць больш эфектыўна і ў такім кірунку, каб родны горад, аграгарадок для кожнага заставаўся прыярытэтным месцам працаўладкавання. Сістэму, якая існуе ў рабоце кадравікоў, неабходна ўвесь час удасканальваць і развіваць. А ўвогуле гэта вялікая ўдача — знайсці правільнага чалавека і даць яму магчымасць рэалізавацца.

Валянціна КОРБАЛЬ