На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Паспрабуйце — вам спадабаецца!

27 ноября 2012

Кампанія “Белга-Прам” — адзін з буйнейшых вытворцаў шакаладнай глазуры і розных напаўняльнікаў у нашай краіне. Працуе яна на рынку больш за 15 гадоў і ўжо забяспечыла сабе высокую дзелавую рэпутацыю. “Раёнка” неаднаразова расказвала, чым і як жыве мясцовае прадпрыемства, і многія асіпаўчане, безумоўна, добра знаёмы і з яго прадукцыяй, якую неаднаразова набывалі ў рознічным гандлі. Але апошнім часам чамусьці цяжка было знайсці яе ў нашых магазінах, і “АК” вырашыла напачатку восені зноў пацікавіцца ў кіраўніцтва пра лёс асіповіцкага шакаладу.
— Пакуль давайце аднясем сустрэчу на больш позні тэрмін, — сказаў тады дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белга-Прам” Цімафей Анціпін. — Якраз запускаем лінію па выпуску новай прадукцыі, і як толькі сыдзе з канвеера першая партыя, больш падрабязна раскажам пра гэта.
...Адчыніўшы дзверы фабрыкі, адразу адчуваеш прыемны шакаладны пах, які вітае ў паветры. Тут жа выклікае жаданне паласавацца гэтым смачным прадуктам.
Разам з інжынерам-тэхнолагам Дзіянай Iвановай праходзім па вытворчых участках — для знаёмства з тэхналагічным працэсам.
— У першым цэху, — гаворыць яна, — рыхтуюцца паўфабрыкаты для прадукцыі, якая выпускаецца наступнымі двума. Гэта шакаладкі, дробсы, цукеркі, а з нядаўняга часу і новы від вырабаў — полыя фігуркі ў выглядзе розных звыклых воку прадметаў.
На другім паверсе нас сустракае начальнік вытворчага ўчастка № 3 Таццяна Пашкова, якая пільна сачыла за работай людзей з пэндзлямі ў руках, даючы ім канкрэтныя рэкамендацыі.
— Гэта нашы кандытары-мастакі, якія заняты нанясеннем малюнка будучай шакаладнай фігуры па пластмасавых пласцінах, якія складаюцца з дзвюх частак, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Выкарыстоўваецца глазура трох колераў: белага, цёмна- і светла-карычневага — каб выглядала будучая фігура больш святочна і прыцягвала сваёй шыкоўнасцю пакупніка. Паглядзіце, якія прыгожыя зайцы атрымліваюцца, — паказала яна рукой на ўжо гатовую прадукцыю. — Працэс, безумоўна, патрабуе ад работніц цярпення і пэўнай спрактыкаванасці, якой пакуль яшчэ не хапае: лінію запусцілі толькі ў верасні, а за такі кароткі тэрмін вопытнымі не становяцца. Аднак старання ў іх не адымеш, і з кожным днём хуткасць павялічваецца, зараз за 8 гадзін яны ўжо дэкарыруюць 400 фігур. Затым пласціны адпраўляюцца непасрэдна на лінію, якая з дапамогай майстра Андрэя Рудзя і выконвае астатнюю работу: нараджае на свет сапраўдныя шэдэўры — тую самую салодкую сувенірную прадукцыю, якая і падкупляе спажыўца сваёй арыгінальнасцю. У гэтым можаце ўпэўніцца, заглянуўшы ў наш фірменны павільён, які днямі адкрыўся ў магазіне “Пахомаўскі”, што на цэнтральнай плошчы горада.
Перад тым, як зайсці ў цэх, дзе кіпіць работа па заліццю ў формы шакаладу, праходзім санкантроль. I вось перад вачыма ўжо надзейна замацаваныя на кранштэйнах невялікай машыны “танцуюць” знаёмыя пласцінкі, напоўненыя шакаладнай масай. Праз некалькі хвілін яны ўручную здымаюцца і ад-праўляюцца ў цэх гатовай прадукцыі, дзе некалькі рабочых старанна ўпакоўваюць фігур- кі ў каробкі, якія затым адправяцца па назначэнні.
У чарговы раз здзівілася таму, што прадстала перад вачыма. Чаго тут толькі не было! Розныя па вазе, канфігурацыі, выглядзе так званыя полыя фігуркі былі адна лепшая за другую. Уразілі сваім памерам казачныя зайцы і Дзяды Марозы. Як сказала Таццяна Мікалаеўна, важаць яны каля трох кілаграмаў, але ёсць і маленькія, 30-грамовыя шакаладныя рэчы. А яшчэ падкупілі розныя матацыклы, машынкі, мабільныя тэлефоны і іншая дробязь — усяго на патоку каля двухсот відаў фігурак!
Прамая мова: дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю Цімафей Анціпін:
— Цяжка знайсці чалавека, які б не любіў шакалад. На смак гэты ласунак становіцца больш вытанчаным, калі мае арыгінальны выгляд. Таму і вырашана было закупіць лінію па выпуску незвычайнай прадукцыі. Заключылі дамову з Германіяй, якая вядома на сусветным рынку сваім шакаладам, адправілі туды вучыцца сваіх людзей і набылі там жаданую машыну, якую і ўстанавілі.
Чаму пайшлі на такі крок? Захацелася здзівіць спажыўца нечым незвычайным, чаго няма яшчэ ў нашай краіне. Прычым, мы не ставім мэту абысці такія вядомыя шакаладныя беларускія брэнды, як “Камунарка” ці “Спартак”. Хутчэй — наадварот, хочам дапамагчы канкрэтнаму заказчыку, які думае пра імідж прадпрыемства. I разлічвае, што наш прадукт стане яго своеасаблівай візітнай карткай — прэзентам, які можна прапанаваць пры дзелавой або прыватнай сустрэчы з патэнцыяльным партнёрам, ад чаго яна стане больш яркай, каларытнай, а перамовы — перспектыўнымі. Многія людзі любяць дарыць незвычайныя падарункі блізкім і знаёмым, дзецям і дарослым. Ды і ў якасці сувеніра такі прадукт можна вывезці за межы краіны — як той самы шакалад “Родны кут”, які добра вядомы многім асіпаўчанам. Хочам у будучым пайсці далей і прапанаваць шакаладных зубра, бульбіну. Можна падумаць і пра сімвал горада Асіповічы...
З нагоды
Прадавец шакаладнага аддзела Светлана Яшынская:
— Павільён працуе толькі некалькі дзён, але асіпаўчане ўжо змаглі ацаніць прадукцыю “Белгі”. Кожны, хто наведваецца да нас за пакупкамі, застаецца задаволены як асартыментам, так і якасцю тавара. Ёсць ужо нават попыт на асобныя віды полых фігурак. Напрыклад, шакаладныя мабільнікі разляцеліся з прылаўка за лічаныя гадзіны — прыйшлося дадаткова даваць заяўку на фабрыку...
Пакупнік Таццяна Прыбытовіч:
— Цудоўна, што ў горадзе з’явіўся фірменны аддзел па продажы такой смачнай прадукцыі, выпускаемай мясцовымі вытворцамі. Цяпер можна купіць, што душа пажадае: ад традыцыйных плітак шакаладу да такіх арыгінальных фігурак. Ды і ў госці нясорамна пайсці з такімі “рэчамі” — стопрацэнтна гарантаваны для гаспадара добры настрой. I за мяжу з такімі шыкоўнымі прэзентамі можна махнуць!