На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Пошта на колах

9 июня 2015
Перасоўных аддзяленняў паштовай сувязі ў раённым вузле паштовай сувязі два: адзін поштамабіль штораніцы рушыць па маршруце Асіповічы-Верайцы, а другі — Асіповічы-Паплавы. Гэты накірунак і абралі для дэталёвага знаёмства: па-першае, ён больш працяглы — ахоплівае 22 вёскі, па-другое, напрыканцы мінулага года на названы напрамак выйшаў новы аўтафургон.
Загадчыца перасоўнага аддзялення сувязі Наталля Яцэвіч на рабоце ўжо ў 7 раніцы: у 8 — выезд, а да гэтага часу яшчэ трэба атрымаць пошту для абмену ў аддзяленнях сувязі, карэспандэнцыю для жыхароў абслугоўваемых вёсак. Ды і пра новы тавар паклапаціцца.
У  вёску Малоціна, дзе пражывае менш за два дзясяткі чалавек, поштамабіль заязджае  двойчы  на тыдзень,  але  калі ўзнікае неабходнасць, то і часцей. Многа часу населены пункт не патрабуе — каб завітаць сюды, хапае хвілін 10-15. А вось у аграгарадку Осава перасоўная пошта бывае каля гадзіны штодня: і людзей многа, і школа, клуб з бібліятэкаю ёсць. Вяскоўцам раскладваюцца газеты ў спецыяльныя секцыі, якія, для зручнасці, расстаўлены па цэнтральнай вуліцы. Надоўга спыняецца паштовы аўтамабіль у Вялікім Бары, Майсеевічах, Крынцы. 
Што ўяўляе сабой новы паштовы аўтамабіль? Знешне амаль не адрозніваецца ад папярэдніх, а вось начынне мае адметнае — найсучаснейшае. Ёсць ноўтбук і фіскальны рэгістратар, які дазваляе друкаваць квітанцыі, а не запаўняць іх па форме №1 ад рукі, як гэта рабілася на працягу многіх гадоў раней. Тут вяскоўцы могуць заплаціць камунальныя плацяжы, крэдыты некаторых банкаў, унесці сродкі на рахунак мабільнага тэлефона, аплаціць інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA. Зараз мабільная пошта мае счытвальнік пластыкавых банкаўскіх картак, што дае дадатковыя магчымасці. Наяўнасць электронных вагаў дазваляе на месцы аформіць адпраўку бандэролі ці пасылкі. Можна выпісаць газету альбо часопіс, набыць канверт ці паштоўку.
Многія прыходзяць да пераязнога аддзялення сувязі з мэтай купіць той ці іншы тавар. Найбольшым попытам карыстаюцца алей і цукар. З задавальненнем бяруць крупы, макароны, муку, соус. Кліенты ведаюць, што можна тут набыць не толькі прадукты харчавання, але і бытавую хімію, рушнікі і нават некаторыя трыкатажныя вырабы. Паштовы аўтамабіль даўно ўжо перастаў быць проста поштай. Гэта неад’емная частка жыцця тых 22 населеных пунктаў, адна з умоў іх уладкаванасці.
— Бывае, — дзеліцца Наталля Іванаўна, — просяць бабулі ці дзядулі прывезці пэўную рэч з горада. Нягледзячы на тое, што гэта не ўваходзіць у абавязкі, стараюся не адмаўляць. Хоць і затрачу асабісты час, але затое крыху дапамагу чалавеку. А як інакш? І сама ведаю кожнага жыхара, і яны мяне ведаюць. І давяраюць — паўтара дзясятка гадоў ужо езджу па маршруце, таму ўсе ўжо свае. Ну а пра такія дробязі, як праверыць баланс мабільніка, ужо і гаварыць не даводзіцца — тэлефоны ёсць у многіх пажылых людзей, якія, часцей за ўсё, карыстаюцца толькі дзвюма-трыма опцыямі “цуда-тэхнікі”. Дарэчы, на абслугоўванні перасоўнага аддзялення сувязі тры сотні пенсіянераў.
Сваю работу загадчыца паштовага аддзялення сувязі лічыць цікавай. Магчыма, было б спакайней працаваць дзе-небудзь на адным месцы, затое рабочы дзень на колах праходзіць вельмі хутка — сумаваць не даводзіцца. Наталля Іванаўна адзначае — і яе цалкам падтрымлівае вадзіцель — што за апошнія гады адбылося нямала пазітыўных перамен. Напрыклад, лепшымі сталі дарогі — машына не загрузла нават у час Хаўера. Калі раней была дрэнная дарога на Свіханава, то зараз без праблем туды можна дабрацца праз Мязовічы. Прыгажэйшымі і чысцейшымі становяцца самі населеныя пункты: тая ж Крынка з кожным годам набывае ўсё большую колькасць дачнікаў, у сезон ажывае на вачах.
Аб чым марыць начальнік перасоўнага аддзялення сувязі? Каб работа поштамабіля і далей прыносіла карысць людзям. Каб вяскоўцы выпісвалі больш розных выданняў. А галоўнае — каб не з’яўляліся вёскі, якія трэба выкрэсліваць з маршруту.

Па матэрыялах газеты "Асіповіцкі край"