На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Раённаму аддзелу ўнутраных спраў - 90

20 ноября 2015
13 лістапада райаддзел ўнутраных спраў Асіповіцкага райвыканкама адсвяткаваў сваё 90-годдзе. 




Мерапрыемсва пачалося з адкрыцця пакоя гісторыі РАУС, да якога аддзел рыхтаваўся больш за пяць гадоў. У зале тыя, хто падзяліўся з экспазіцыяй дарагімі сэрцу рэчамі, якія належалі калісьці іх дзядам, бацькам, мужам — супрацоўнікам  райаддзела міліцыі...
Начальнік РАУС Уладзімір Рыжанкоў і старшыня абласнога савета ветэранаў АУС Яўген Кавалёнак урачыста пераразаюць пунсовую стужку — і ў пакой гісторыі ўваходзяць першыя наведвальнікі.
Кожнаму з іх ужо знаёмы хаця б адзін экспанат: зброевая кабура, нагрудны знак, пёравая ручка — тое, што аддалі ў дар музею. Але ў шкляных вітрынах, у асяроддзі іншых памятных прадметаў, рэчы з хатніх скрыначак выглядаюць неяк інакш, больш значна...
На драўляным стале, за якім працавалі аператыўнікі сярэдзіны ўжо мінулага стагоддзя, — партатыўная пішучая машынка, чарнільныя алоўкі, пажоўклыя ад часу бланкі.
Ля ўваходу — міліцэйская форма розных гадоў: гімнасцёрка і шаравары 40-х, сталёвага колеру шынель узору 1958 года, жаночая ўніформа пачатку 80-х. Усё гэта — рэчавыя сведкі 90-гадовай дзейнасці райаддзела. А на стэндах — гісторыя ў асобах: 19 герояў, якія прайшлі пекла Вялікай Айчыннай, 6 — што выконвалі свой абавязак у Афганістане, 13 — хто ліквідаваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ахоўваў правапарадак на заражаных радыяцыяй тэрыторыях.
38 міліцыянераў розных часоў глядзяць з фотаздымкаў на першых гасцей пакоя гісторыі — сваіх родных і блізкіх. Ужо хутка адкрыццё музея РАУС стане гісторыяй, але напамін пра ўрачыстую хвіліну захавае групавое фота тых, каму выпаў заслужаны гонар стаць яго непасрэднымі ўдзельнікамі.
У глядзельную залу МПЦ "Равеснік" на ўрачысты сход, прысвечаны 90-годдзю ўтварэння  РАУС, прыйшлі ветэраны і супрацоўнікі аддзела, члены іх сем’яў, ганаровыя госці. Усмешкі, поціскі рук, абдымкі — многія сустрэліся ўпершыню за некалькі гадоў.
Адкрыў свята Уладзімір Рыжанкоў, які павіншаваў усіх прысутных са знамянальнай датай. Начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Кавальчук адзначыў, што Асіповіцкі РАУС на працягу многіх гадоў з’яўляецца адным з лепшых у вобласці, падзякаваў калегам за верную і самаадданую службу, уручыў ім заслужаныя ўзнагароды і падарунак аддзелу — сучасную аргтэхніку.
Словы віншавання прагучалі і ад старшыні райвыканкама Пятра Шукаловіча. Ён выказаў глыбокую перакананасць у тым, што кожны супрацоўнік РАУС у любы час гатовы выканаць свой прафесійны і грамадзянскі абавязак, заахвоціў Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі райвыканкама лепшых спецыялістаў райаддзела.
З падзякай за супрацоўніцтва звярнуліся да калег і ўручылі ўзнагароды і памятныя падарункі таксама прадстаўнікі праваахоўных органаў раёна: пракурор Аляксандр Канецкі, намеснік старшыні суда Аляксандр Русак, начальнік РАСК Аляксандр Друзік, начальнік міжраённага АКДБ Дзмітрый Бяляўскі, ваенны камісар Мікалай Гоман, начальнік АУСТ Сяргей Рогаль, намеснік начальніка аддзела Дэпартамента аховы Яўген Лысы, начальнік ПУАТ Анатоль Цымбарэвіч, начальнік Асіповіцкага гарнізона Андрэй Жыдовіч, камандзір 336 рэабр Аляксандр Цішкевіч, начальнік аддзела ваеннай контрразведкі КДБ Іван Храпуненка.
За час існавання асіповіцкую міліцыю ўзначальвала больш за 30 кіраўнікоў — іх імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю аддзела. Ганаровымі гасцямі вечара сталі Васіль Салабута, Ігар Шчарбакоў, Леанід Шакура, Генадзь Шавелеў, Мікалай Кіеня, Сяргей Барадзін, Андрэй Гаварака, якія ў розны час з’яўляліся начальнікамі РАУС. Юбілейныя нагрудныя знакі "90 гадоў Асіповіцкай міліцыі" ўручыў сваім папярэднікам Уладзімір Рыжанкоў. Такімі ж знакамі былі адзначаны ветэраны аддзела, якія многія гады з гонарам выконвалі свае абавязкі і стваралі ўмовы для далейшай плённай працы па ахове правапарадку.
— Лепшым прыкладам для пераймання служаць для нас службовыя і баявыя подзвігі папярэдніх пакаленняў.
Дарагія ветэраны, прыміце ад асабовага складу аддзела глыбокую ўдзячнасць за вернасць справе і патрыятызм, — сказаў у сваім выступленні сённяшні начальнік райаддзела.
Да пажаданняў добрага здароўя і шчасця далучыліся Георгій Гаеўскі, палкоўнік у адстаўцы Яўген Кавалёнак, член савета ветэранаў унутраных войскаў МУС Міхаіл Багун. Уладзімір Рыжанкоў і старшыня райарганізацыі ветэранаў Міхаіл Слесарэнка ўручылі падарункі найстарэйшаму ветэрану аддзела, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, 88-гадоваму Браніславу Зігмундавічу Навіцкаму, які за 30 гадоў службы ў міліцыі атрымаў 64 заахвочванні і ўзнагароджаны 13 медалямі, у ліку якіх "За бездакорную службу" трох ступеняў.
У святочным канцэрце, прысвечаным 90-годдзю ўтварэння РАУС і Дню ўшаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў, прагучалі музычныя кампазіцыі, падрыхтаваныя як работнікамі МПЦ "Равеснік" і артыстамі самадзейнасці, так і калегамі. Выступленні супрацоўнікаў РАУС Аліны Дайнека і
Сяргея Цылько сталі прыемным сюрпрызам  для віноўнікаў урачыстасці і пацвердзілі, што супрацоўнікі міліцыі не толькі годна выконваюць свой абавязак, але і з’яўляюцца таленавітымі і творчымі людзьмі.
Урачыстасці скончаны, і ўжо заўтра жыццё міліцыянераў увойдзе ў звычайную каляіну: для тых, хто стаіць на абароне нашага спакою, жыццё толькі ўмоўна дзеліцца на святы і будні. Але цяпло добрых слоў і пажаданняў яшчэ доўга будзе саграваць кожнага, каму пашчасціла стаць удзельнікам святкавання 90-гадовага юбілею аддзела. 

"Асіповіцкі край"