На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Раённыя "Дажынкі-2016" у Лапічах

20 сентября 2016
ДАЖЫНКІ — свята для беларусаў асаблівае. А прыйшло яно з глыбіні вякоў, з году ў год набываючы новае гучанне.    І хоць з цягам часу метады работы на зямлі кардынальна змяніліся, даючы прагрэсу магчымасць уносіць свае карэктывы ў аграрную справу, аднак застаецца нязменнай душа свята. У гэтым у чарговы раз пераканаліся многія землякі, наведаўшы ў пятніцу раённы фестываль-кірмаш у аграгарадку Лапічы.
Распачаўся фэст з параду-шэсця дэлегацый гаспадарак раёна. Прыемна было бачыць хлебаробаў, з якімі не раз сустракаліся на полі, такімі ўрачыстымі і задаволенымі. А як інакш? Добра папрацаваў, можна і добра адпачыць. Першымі ў ганаровым страі ішлі аграрыі філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшы-
на”. Гаспадарка — лідар жніва-2016, сёлета валавы збор з улікам рапсу складае 4504 тоны. Хлебаробы “Бярэзіны-Агра-Люкс” намалацілі 1115 тон, “Каменіч” — 1871, элітгас “Авангард-Ніва” папоўніў запасы 3440 тонамі збожжа, “ЖорнаўкаАГРА” — 2246, “Заходні-Агра” — 2859, ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” мае ў заліку 1751 тону, а гаспадары свята ААТ “Лапічы” — 1155.
Рапарт аб выніках хлебаўборачнай кампаніі здаваў кіраўніку раёна Пятру Шукаловічу намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Захарчук. Работы выкананы своечасова і якасна, раён атрымаў больш за 20,5 тысячы тон збожжа. Хвалюючым момантам стала ўручэнне караваяў кіраўнікам гаспадарак і галоўнага дажыначнага каравая старшыні райвыканкама. Дарэчы, гэтыя атрыбуты свята вырабляліся на ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, і мясцовыя хлебапёкі пастараліся зрабіць сімвалы сонца і дабрабыту і прыгожымі, і духмянымі, і, безумоўна, смачнымі.
Герояў жніва віншаваў Пётр Шукаловіч, які ў сваім прывітальным слове падкрэсліў, што бягучы год быў няпростым для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. На жаль, не ўдалося пераадолець рубеж, дасягнуты на хлебнай ніве летась. Аднак на Асіповіччыне ёсць нямала хлебаробаў, чыя праца заслугоўвае высокай пашаны. Асаблівую ўвагу Пётр Яфімавіч надзяліў маладым працаўнікам — менавіта яны складаюць будучыню гаспадарак. Вынікова папрацавалі старшыя камбайнеры Яўгеній Жуковіч з “Бярэзіны-Агра-
Люкс” і Яўгеній Чаропка з “ЖорнаўкіАГРА”, больш за тысячу тон перавезлі Аляксандр Пятрэнка з апошняй гаспадаркі і “белшынавец” Іван Жуковіч. На наступны год хлебаробы раёна зробяць усё магчымае, каб атрымаць больш важкі колас. 
Перад тым як выклікаць на сцэну ўдзельнікаў жніва, быў уручаны ордэн Маці Галіне Мікалаеўне Андронік з ААТ “Авангард-Ніва” — за нараджэнне і выхаванне шасцярых дзяцей. І, думаецца, ніхто з прысутных не быў супраць такога раскладу ходу падзей: без маці, згадзіцеся, не было б ні камбайнераў, ні аграномаў, матуля — галоўны чалавек у жыцці кожнага, пачатак усяго існага. І гэтыя хвіліны надалі мерапрыемству яшчэ большай урачыстасці. 
Грамату і Падзяку абласнога выканаўчага камітэта атрымалі трактарысты-машыністы ААТ “Лапічы” Іван Краснаўцаў і Міхаіл Тышкевіч адпаведна, аблсельгасхарчам адзначаны іх калега Юрый Еўдакімовіч з “Каменіч”, аператар машыннага даення ААТ “Лапічы” Ніна Ёшчык, вадзіцелі ААТ “Авангард-Ніва” і “Бярэзіна-Агра-Люкс” Уладзімір Казак і Віктар Тарэлка. Ну а ў спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур сярод арганізацый лідарам стаў філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, у кагорце галоўных аграномаў — прадстаўнік гэтай жа гаспадаркі Валянцін Шкурын, таксама адзначаны галоўныя аграномы ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” і “Ясень-агра” Уладзімір Калачоў і Сяргей Новікаў. Галоўныя інжынеры падзялілі месцы наступным чынам: Віталь Карпянюк — “Каменічы”, Дзмітрый Дрозд — філіял “Белшына-агра”, Уладзімір Швачка — “Ясень-АГРА”. Лепшымі старшымі камбайнерамі прызнаны “авангардавец” Алег Малевіч, Сяргей Дрозд з “Заходняга-Агра” і “белшынавец” Валерый Ганчаронак. Сярод  вадзіцеляў у тройку мацнейшых увайшлі Раман Іўчык з філіяла і працаўнікі “Заходняга-Агра” Аляксандр Цагойка і Аляксандр Міхадзюк. Адзначаны таксама кіраўнікі апошняй гаспадаркі і ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” Іван Мельнікаў і Сяргей Шугай.
Вырошчванне хлеба — справа агульная, і немалую ролю тут мае падтрымка прафсаюзнай арганізацыі. Павіншаваць асіповіцкіх хлебаробаў прыехаў старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў АПК Мікалай Лабушаў. Шмат шчырых слоў было сказана ім у адрас вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Прафсаюзны лідар падкрэсліў, што сельская праца з цягам часу становіцца больш тэхналагічнай і эфектыўнай, а вясковае жыццё ў цэлым — дабрабытным і камфортным.
У тых жа Лапічах вунь колькі можна ўбачыць аўтамабіляў ля дамоў — значыць, у аграгарадкоў ёсць будучыня. Мікалай Аксёнавіч уручыў Алегу Малевічу юбілейны медаль “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”, старшыні прафкама ААТ “Лапічы” Людміле Жук — Ганаровую грамату камітэта, а старшаму камбайнеру ААТ “ЖорнаўкаАГРА” Сяргею Піляку — Падзяку прэзідыума Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.
Добрымі памочнікамі ў сельгаспрадпрыемствах былі сёлета байцы студатрадаў. Старшыня ААТ “Лапічы” Мікалай Аляшкевіч сказаў, што з задавальненнем гаспадарка будзе запрашаць юнакоў і дзяўчат і наступным летам. Актывісты студатрадаўскага руху адзначаны на раённым свяце дыпломамі і падарункамі. Выклікаліся на сцэну навучэнцы каледжа Дзяніс Карчавы, Лілія Волкава, Дзмітрый Баразна, Раман Ляцкі, Яўген Лозікаў, іх кіраўнікі Алена Мастыка і Антон Баравік. Мелі працоўныя поспехі і школьнікі, таму і яны запрашаліся на “Дажынкі” — Кірыл Шляхцін з Лапіцкай СШ, Уладзіслаў Марціновіч з Ясенскага ВПК, Валерый Валадзько з Дараганаўскага ВПК і баец студатрада Ялізаўскай СШ Сяргей Гацко.
Асобным пунктам святочнага сцэнарыя ішло ўзнагароджанне ўдзельнікаў ужо стаўшага папулярным конкурсу “Уладар сяла”, які прайшоў побач з асноўнай святочнай пляцоўкай некалькімі гадзінамі раней.
Завяршылася ўрачыстая частка мерапрыемства пажаданнямі ўсім землякам міру і шчасця, каб заўсёды на стале быў свежы духмяны хлеб. Пад фінальную песню перадавікі і ганаровыя госці свята атрымалі сувенірныя снапочкі.
Сёння “Дажынкі” маюць статус фестываля-кірмашу, а гэта даволі шырокі фармат сустрэчы. Адпаведна, і цікавага адбывалася ў гэты дзень нямала. На сцэне святочны настрой стваралі “Дзівакі” і “Чыстыя крыніцы”, студыя эстраднага танца “Пазл” і ўзорны ансамбль танца “Асарці”, “Капрыз” і вакальная група “Крышталь”, “Люлечка” і фолкмадэрн калектыў “Куццякі”, салісты Лізавета Заяц, Вераніка Кузьміч, Даша Моцевіч і многія другія. Зручны час прадэманстраваць свае таленты не ўпусцілі народныя ўмельцы. У наведвальнікаў свята была магчымасць набыць цікавую сувенірную прадукцыю, вязаныя рэчы, разнастайныя цацкі і ўпрыгажэнні. Гасцей запрашалі з густам аформленыя падворкі ўстаноў культуры раёна, палаткі гандлёвых арганізацый, выстава бібліятэчнай сістэмы. Ну і, канечне, конкурсы, бяспройгрышная латарэя. Сваю акцыю праводзіў РКЦ № 13 філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”— Магілёўскае абласное ўпраўленне, а раённая газета запрашала гасцей і ўдзельнікаў свята аформіць падпіску на “Асіповіцкі край”.
Варта адзначыць і значную работу, якая была праведзена мясцовым сельвыканкамам, гаспадаркай і раённымі службамі па падрыхтоўцы населенага пункта да такога грандыёзнага фэсту. Упарадкаваны палі і фермы, зроблены ямачны рамонт дарог, адрамантаваны агароджы, пафарбаваны будынкі сельскага клуба, бальніцы, пошты, шмат зроблена ў самім пасёлку газавікоў, нават былі ўстаноўлены купалы на мясцовым храме. Словам, рыхтаваліся сустракаць гасцей тут грунтоўна і ўсе разам.
Ужо ў гэту суботу дэлегацыя Асіповіччыны адправіцца на абласныя “Дажынкі-2016” у Мсціслаў. Безумоўна, будуць у яе складзе і многія з тых, каго ўшаноўвалі на раённым свяце. Верасень — не толькі час падсумаваць здабыткі, але і атрымаць падзяку за сваю шчырую працу!


Валянціна КОРБАЛЬ. "Асіповіцкі край"