На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Свята Гарбуза

16 ноября 2012

Днямі ў аграгарадку Вяззе ў рамках рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы клубных устаноў аграгарадкоў “Клуб года” з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шаўлюгі прайшло свята Гарбуза пад дэвізам “ВЯЗЗЕЎСКІ КРАЙ — ГАРБУЗЯНЫ РАЙ”.
На суд аўтарытэтнага журы была прадстаўлена тэатралізаваная праграма, а галоўным героем усяго дзейства, безумоўна, быў Гарбуз. На ім акцэнтавалі ўвагу і гаспадары падворкаў, якія размясціліся на прыклубнай тэрыторыі. Кожны з іх спрабаваў данесці да гасцей незвычайны гарбузовы каларыт, стварыўшы з вырашчанага ўраджаю розныя цікавыя кампазіцыі. Дарэчы, жадаючыя маглі аддаць перавагу той, якая, на іх погляд, найбольш спадабалася, і сваё рашэнне пацвердзіць своеасаблівай фішкай, што прымацоўвалася да выбранай скульптуры. Гэта ў наступным паслужыла падставай для вызначэння пераможцы ў такім конкурсе. Як даведаліся пазней, ім стала кампазіцыя “Гарбуз едзе ў Вяззе”, прадстаўленая Пратасевіцкім Домам культуры. На свяце спаборнічалі паміж сабой і самыя вялікія гарбузы. У гэтай намінацыі ўзнагароду атрымалі жыхары Вяззя Лідзія і Юрый Жырнікавы. А самы смачны гарбуз прыгатавала Людміла Праташчык.
Свята не свята, калі на ім не гучыць добрая песня ды не просяцца ногі ў скокі. Пад гукі гармонікаў кожны меў магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці. А колькі прыпевак ды розных жартаў гучала пра гарбуз!
Пасля вулічнага прадстаўлення ўрачыстасць мела працяг у Доме культуры. Да прысутных звярнуўся старшыня мясцовага сельсавета Іван Вярыга, які павіншаваў усіх з новым для аграгарадка святам. “Гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў вясенне-восеньскіх турботных дзён, — сказаў ён. — Кожны вясковец не толькі клапаціўся пра ўраджай, але і ўпрыгожваў падворак, займаўся іншай карыснай справай, каб жыццё на вёсцы было лепшым”.
У гэты вечар з яго рук атрымлівалі падарункі тыя вяззеўцы, якія былі лепшымі па многіх накірунках. Так, Марыя і Мікалай Ахрэменкі адзначаны як самыя дбайныя і акуратныя гаспадары. На сцэну падымаліся і сем’і іншых сталых і маладых паважаных сяльчан. Сярод іх Іван і Валянціна Буракі, пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага праекту “Уладар сяла-2011” Васілій і Наталля Хомічы з дачушкамі Златай і Рымай, уладальніца ордэна Маці Лілія Багачова з мужам Уладзімірам, якія выхавалі пяцёра родных дзяцей, а зараз аддаюць цяпло сваіх сэрцаў траім прыёмным. У сям’і Вольгі і Алега Салаўёвых гадуецца дзяўчынка Аляксандра, якой нададзены статус “Дзіця Міра”. У іх адрас гучалі добрыя словы і песні ў выкананні народных ансамбляў народнай песні “Сваякі” з Карытнага і “Сузор’е” з Пратасевіч. Парадавалі гледачоў і ўдзельнікі харэаграфічнага ансамбля “Крынічка” з дзіцячай школы мастацтваў № 1. Тон жа ўсяму задавалі гаспадары канцэртнай пляцоўкі — самадзейныя артысты з ансамбля “Вязанка” і ўзорны дзіцячы клуб “Хваля”. У творчай скарбонцы гэтых калектываў не адна ўзнагарода — даказалі сваё майстэрства яны і цяпер: кожны нумар суправаджаўся гарачымі апладысментамі.
Па настроі залы было бачна, што зладжанае новае свята спадабалася гледачам, якія атрымалі магутны зарад бадзёрасці і станоўчай энергетыкі. Думаецца, што ў наступны раз яно пройдзе яшчэ з большым імпэтам, а гаспадароў-удзельнікаў, на прысядзібных участках якіх будуць грэць пад сонцам бакі залатапузыя гарбузы, павялічыцца.
Безумоўна, хочацца, каб Вяззеўскі сельскі Дом культуры стаў лепшым “Клубам года”, але галоўнае не гэта, а той працэс па адраджэнні беларускай народнай культуры, які не адзін год вядзецца работнікамі ўстановы пад кіраўніцтвам Мікалая Забаўскага.