На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

У апошні сакавіцкі дзень на шклозаводзе “Ялізава” адбыўся пуск цэха № 4

5 апреля 2017
Як і планавалася, у апошні сакавіцкі дзень на шклозаводзе “Ялізава” адбыўся пуск цэха № 4.  I тое, што на ўрачыстасць сабраліся прадстаўнікі райвыканкама, ТАА “Ведатранзіт”, праз якое рэалізуецца пераважная частка ялізаўскага шкла, і
ААТ “ААБ Беларусбанк” — галоўнага крэдытора завода, толькі пацвярджае значнасть падзеі.
Iнтарэсы гасцей зразумелыя. Для раённай адміністрацыі, якую прадстаўляў першы намеснік старшыні райвыканкама Павел Налівайка, галоўнае — стварэнне новых рабочых месцаў,  як  таго  патрабуе Прэзідэнт краіны. Пуск цэха адкрыў 130 вакансій, з якіх 127 занялі жыхары пасёлка. На сёння гэта ўражваючы  вынік  не толькі ў Магілёўскай вобласці,  але  і  ў  маштабах краіны. Дарэчы, новыя рабочыя месцы добра аплачваемыя:  за  першы квартал сярэдні заробак на прадпрыемстве склаў 752 рублі, і ёсць перспектыва яго далейшага росту.
Прыярытэт дзелавых партнёраў — хуткае нарошчванне аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі. Ялізаўскі завод “закрывае” на 100 працэнтаў унутраны рынак па слоіках, напалову — па белай бутэльцы. Наўрад  ці  гэтыя  пазіцыі будуць мяняцца. А вось магчымасці росту экспарту існуюць сур’ёзныя. Зараз каля 40% прадукцыі — слоікі аб’ёмам 1, 1,5 і 2 літры — ідзе за мяжу. Прычым рэалізуюцца ялізаўскія вырабы ў той жа Расіі з 35-працэнтнай рэнтабельнасцю — нават пры
існуючай розніцы ў кошце энергарэсурсаў! На ТАА “Ведатранзіт” пра ўзгаданы “эканамічны цуд” ведаюць,  бо  гэтая  фірма  тыя слоікі і прадае. А яшчэ там маюць дакладныя звесткі, што  ў  Расійскай  Федэрацыі ў бліжэйшы час спыняецца на рэканструкцыю адразу  9  шклозаводаў,  у Казахстане  прыпыняе дзейнасць апошні вытворца шклатары. Ялізаўскія слоікі маюць шанц заняць значную частку выслабанененай прасторы, што дасць дадатковы прыбытак і фірмам-дылерам.
Не застанецца ўбаку ад пашырэння экспартнай актыўнасці шкларобаў і “Беларусбанк”: разлікі па міжнародных кантрактах будуць ісці праз яго падраздзяленні. 
Быў сярод гасцей і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багдановіч. Яго матывы ўдзелу былі далёкімі ад прагматызму: наш парламентарый проста хацеў раздзяліць радасць землякоў у дзень, якога тыя чакалі так доўга. Кожны ялізаўчанін у душы — шклароб. Iнакш проста не можа быць, бо ўжо чатыры пакаленні пасялкоўцаў маюць дачыненне да гэтай цяжкай, але па-свойму рамантычнай прафесіі.
Канечне, у працэдуры запуску цэха з вытворчай магутнасцю некалькі дзясяткаў мільёнаў адзінак прадукцыі ў год немагчыма вызначыць нейкі кульмінацыйны момант. Таму націсканне кнопак “пуск” на шклофармовачных машынах, якое здзейснілі ад гаспадароў антыкрызісны ўпраўляючы  Мікалай Шаўкуноў і ад гасцей Павел  Налівайка,  на  самой справе мела не болей чым сімвалічнае значэнне. Абсталяванне пасля ўключэння павінна не адну гадзіну працаваць на халастых рэжымах, каб быць цалкам правераным і гатовым да работы ў момант, калі з шклаварнай печы пачнуць ліцца кроплі кандыцыйнага шкла. Менавіта кроплі — з дакладна разлічанай вагой і ў зададзеным тэмпе.
А першае расплаўленае шкло цячэ ў два даволі тоўстыя струмяні. Гэта  трэба, каб  з  вадкай шкламасы найхутчэй выдаліць рэшткі вогнеўпорнага пакрыцця сцен печы, шлак, уключэнні нерасплаўленага  шклабою.
Кіруюцца тыя патокі ў вялікую ванну з вадой, рассыпаючыся ад перападу тэмпературы ў пыл. Потым шкляны пыл — ужо ачышчаны ад непажаданых дамешкаў — зноў патрапіць у печ.
Займаюцца апошнімі наладачнымі справамі няшмат работнікаў, так што большасць персаналу ў першыя пасля пуску хвіліны мела магчымасць без перашкод пакінуць свае рабочыя месцы для ўдзелу  ва  ўрачыстым мітынгу. Галоўнае слова на ім трымаў Мікалай Шаўкуноў. У хуткім часе ён  пакіне  завод, бо  той ужо блізкі да пераадолення наступстваў банкруцтва і можа існаваць без вонкавага кіравання. Антыкрызісны ўпраўляючы прызнаўся, што развітвацца з калектывам, які паказаў у няпросты перыяд свайго існавання зладжанасць, аптымізм і волю да перамогі, яму адначасова сумна і радасна. Сумна таму, што ад сумеснай работы са шкларобамі — улюбёнымі ў сваю справу прафесіяналамі — атрымаў вялікае задавальненне. А радасна — бо ўпэўнены: завод справіўся з цяжкасцямі і здолее дасягнуць вялікіх поспехаў у далейшым.

Газета "Асіповіцкі край"