На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Вада і "Чысатя вада"

22 марта 2013

Сёння праходзіць Сусветны дзень вады. Гэтая дата экалагічнага календара сёлета адзначае свой 20-гадовы юбілей. Уведзена яна была рашэннем ААН і прызначана звяртаць увагу насельніцтва на важнасць вады для жыцця на ўсёй планеце.
У  нашай  краіне,  дзе колькасць узгаданага прыроднага  рэсурсу можна лічыць практычна неабмежаванай, галоўнай праблемай застаецца павышэнне якасці спажываемай вады, скарачэнне  колькасці  забруджваючых рэчываў, якія трапляюць у вадаёмы, і больш шырокае выкарыстанне іх рэкрэацыйнага патэнцыялу.
Вось з апошняга і пачнём.
Маляўнічых куткоў на рэках  Асіповіччыны  хапае, але ўбачыць штосьці насамрэч незвычайнае не так проста. Вось гэты старажытны драўляны мост на Пцічы (на здымку),  напрыклад,  знаходзіцца ў раёне вёскі Слопішча і стаіць на дарозе, якая вядзе ў бок ужо даўно не існуючага паселішча з загадкавай назвай Тоўсты лес.
Месца даволі аддаленае, сапраўдны мядзведжы кут, але мост-“выкапень” яшчэ ў адносна добрым стане: машыну можа і не вытрымае, а вось прайсціся па ім пешшу — бяспечна. Вандроўка па гэтай дзіўнай пераправе пакідае моцнае ўражанне і накіроўвае думкі ў бок пошуку адказаў на розныя філасофскія пытанні. Накшталт: а калі ж нарэшце ў Асіповічах з’явіцца станцыя абезжалезвання вады і будуць рэканструяваны зношаныя ачышчальныя збудаванні?
А з імі сітуацыя такая.
Пытанне аб гарадской станцыі абезжалезвання пакуль застаецца адкрытым: рэспубліканская праграма “Чыстая вада”, у якую ўнесены гэты аб’ект, яшчэ не зацверджана,  і,  адпаведна,  у  яе яшчэ могуць быць унесены нейкія карэктывы.
Такім чынам, сёння можна ўпэўнена казаць, што першая ў раёне станцыя абезжалезвання пачне працаваць у пасёлку Сасновы. Па інфармацыі ДУКВП “Водаканал”, усё  патрэбнае  абсталяванне ўжо набыта, і яго мантаж пачнецца, як толькі  дазволіць  надвор’е.
А вось абласная праграма ўжо пачынае рэалізоўвацца. Выдзелены грошы для рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў  у  пасёлку  Ялізава, развіцця  сістэм  цэнтралізаванага  водазабеспячэння ў аграгарадках Дрычын, Жорнаўка, Лапічы, Ліпень, Вялікі Бор і Ясень.