На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Осиповичский райисполком

Звяртайцеся правільна!

14 декабря 2012

Атрымаць неабходную даведку, высветліць тое-іншае пытанне, сабраць патрэбныя дакументы, звярнуцца са скаргай — перыядычна ўсім нам даводзіцца мець зносіны з рознымі пасадавымі асобамі. А ці ведае чалавек правілы, якія дапамагаюць знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі органаў улады і дзяржустаноў? Напрыклад, як правільна аформіць свой зварот? Якія лісты могуць пакінуць без разгляду? Што выклікае справядлівае нараканне ў чыноўнікаў?
Дапамагчы разабрацца ў гэтым рэдакцыя “АК” прапанавала начальніку аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Але НЕКРАШЭВIЧ.
— Зварот можа быць выкладзены на беларускай або рускай мове, — тлумачыць Ала Валянцінаўна. — На апошняй іх паступае да нас значна меней, аднак чалавек мае права атрымаць адказ на той мове, на якой звярнуўся.
Што тычыцца афармлення, то пісьмовыя звароты грамадзян павінны змяшчаць: назву і (або) адрас арганізацыі альбо пасаду асобы, якім накіроўваецца зварот; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку ці ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы); пераказ сутнасці звароту; асабісты подпіс грамадзяніна (грамадзян).
Рукапісныя звароты павінны быць напісаны разборліва. Нельга ўжываць нецэнзурныя альбо абразлівыя словы ці выразы. Вельмі важна выразна, ясна і без лішніх эмоцый пераказаць сутнасць сваёй справы ці праблемы і, па магчымасці, дакладна сфармуліраваць, якую дапамогу вы хацелі б атрымаць. Там жа таксама павінна змяшчацца інфармацыя аб выніках іх папярэдняга разгляду з дадаткам (пры наяўнасці) дакументаў, якія пацвярджаюць гэтую інфармацыю.
Пісьмовыя звароты могуць быць пакінуты без разгляду, калі: для іх прадугледжаны іншы парадак падачы і разгляду; калі яны змяшчаюць пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, у якую яны паступілі; прапушчаны без уважлівай прычыны тэрмін падачы скаргі; заяўнікам пададзены паўторны зварот, у тым ліку занесены ў кнігу заўваг і прапаноў, у той час як ён ужо быў разгледжаны па сутнасці і ў ім няма новых акалічнасцей; з заяўнікам спынена перапіска па размешчаных у звароце пытаннях.
Вусныя звароты могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці, калі: не прад’яўлены дакументы, якія сведчаць асобу заяўніка; зварот змяшчае пытанні; заяўніку падчас асабістага прыёму ўжо быў дадзены вычарпальны адказ на пытанні альбо перапіска з ім па такіх пытаннях была спынена; заяўнік падчас асабістага прыёму дапускае ўжыванне нецэнзурных альбо абразлівых слоў ці выразаў.
Не падлягаюць разгляду ананімныя звароты (звароты, у якіх не ўказана асоба заяўніка або адрас яго месца жыхарства ці працы (вучобы), калі толькі яны не змяшчаюць звестак аб злачынстве, якое рыхтуецца, учыняецца або ўчынена.
Калі зварот змяшчае пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі гэтай арганізацыі, яна павінна на працягу 5 дзён накіраваць яго для разгляду арганізацыям у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй і апавясціць заяўніка. Можа і пакінуць зварот без разгляду, апавясціўшы чалавека аб гэтым з тлумачэннем, у якую арганізацыю і ў якім парадку яму трэба звярнуцца для вырашэння свайго пытання.
Вось яшчэ колькі важных правілаў, якіх варта прытрымлівацца. Пісьмовую заяву трэба зарэгістраваць у дзяржустанове, таксама зварот можна адправіць па пошце, простым або заказным лістом. Памятайце, што па законе адказ павінен прыйсці ў тэрмін не пазней за 15 дзён з моманту рэгістрацыі. У ім будзе змяшчацца прынятае рашэнне або тлумачэнне вашага пытання. Калі зварот патрабуе дадатковага вывучэння і праверкі, то тэрмін падаўжаецца яшчэ на 15 дзён. Вас не задаволіў адказ або рашэнне? Тады яго можна абскардзіць у вышэйшым органе, а затым — у судзе.
Цяпер наконт электронных паведамленняў — яшчэ аднаго спосабу зрабіць органы ўлады больш да-ступнымі для людзей, скараціць выдаткі на перасылку лістоў, аблегчыць аператыўнасць разгляду зваротаў.
Яны звычайна накіроўваюцца на адрас электроннай пошты арганізацыі або размяшчаюцца ў спецыяльнай рубрыцы на яе афіцыйным сайце і, як і пісьмовыя звароты, павінны змяшчаць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку ці ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы), а таксама адрас электроннай пошты заяўніка. Адсутнасць названых звестак — падстава для пакідання электроннага звароту без разгляду.
Ці маюць электронныя звароты і адказы на іх юрыдычную сілу, ці могуць выкарыстоўвацца для звароту ў суд, іншыя вышэйшыя інстанцыі? Атрыманы адказ можа выкарыстоўвацца пры падачы скаргі ў вышэйстаячы орган. Пры наяўнасці сумненняў у дакладнасці прыкладзенага адказу ў органа, які накіраваў адказ, можа быць запытана інфармацыя для пацвярджэння. Што тычыцца звароту ў суд, то дакументы, атрыманыя з дапамогай электроннай, вылічальнай і іншай тэхнікі, з’яўляюцца доказамі пры ўмове іх належнага афармлення. У рамках падрыхтоўкі справы да разгляду суд зноў жа можа запытаць у органа, які накіраваў электронны адказ, пацвярджэнне зместу гэтага адказу.
Галоўная ж парада — наведвальніку трэба рыхтавацца да прыёму, загадзя падрыхтаваць неабходныя дакументы, матэрыялы папярэдніх разглядаў свайго пытання. Не перашкодзіць прадумаць і нават скласці план свайго паведамлення, прычым вельмі важна перадаць менавіта сутнасць сваёй праблемы. Калі чыноўнік робіць заўвагі наконт вашых дакументаў і вы не ўпэўнены, што яны супрацьзаконныя, не трэба адразу ж абурацца і скандаліць — можа аказацца, што ён казаў праўду, і вы дарма сапсавалі з ім адносі-ны. У Законе краіны "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" замацаваны не толькі абавязкі дзяржаўных устаноў, але і абавязкі асоб, якія накіроўваюць звароты ў гэтыя ўстановы.